Выстава «Беларуская скульптура XVII—XVIII стст.»

2024-03-31 : 11:00

26 студзеня а 17-й гадзіне ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (вул. Карла Маркса, 24) пачне працу выстава «Беларуская скульптура XVII–XVIII стст.», на якой прадстаўлены больш за 80 помнікаў культавай драўлянай скульптуры і разьбы з фондаў музея, створаных на працягу першай паловы XVII — канца XVIII ст.
Экспанаты паходзяць з розных рэгіёнаў краіны і сведчаць пра высокі прафесійны ўзровень развіцця скульптуры на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Менавіта ў акрэслены перыяд культавая разьбяная скульптура сфарміравалася як значная з’ява ў беларускім мастацтве, атрымала шырокае распаўсюджанне і дасягнула росквіту ў асяродку каталіцкага касцёла, а таксама знайшла месца ў аздабленні цэркваў усходне-хрысціянскіх канфесій. У праваслаўнай царкве ў XVII–XVIII стст. высокага мастацкага ўзроўню дасягнула арнаментальная разьба па дрэве, таксама прадстаўленая ўвазе гледача.
Некаторыя творы ўпершыню дэманструюцца шырокай публіцы: фігуры Арханёлаў з Пінска, святы Войцех з Гродна, святы біскуп Рыма з Шарашова, апостал Павел з Росі і інш. Пасля завяршэння працяглай рэстаўрацыі экспануецца Укрыжаванне з Лаўрышава. Для многіх твораў былі ўдакладнены атрыбуцыйныя звесткі (апостал Ян і Дзева Марыя з кампазіцыі «ўкрыжаванне з прадстаячымі» з Шарашова, святы Амброзій са Слоніма, комплекс скульптур з Магілёўшчыны і інш.).
Выстава з’яўляецца вынікам працяглай працы па збіранні, рэстаўрацыі і вывучэнні надзвычай рэпрэзентатыўнай калекцыі старажытнабеларускай скульптуры Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Выстава будзе працаваць да 7 красавіка 2024 года.
Куратар — Станіслаў Чавус, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва.

Адрес: ул. Карла Маркса, 24
Место: Выставочный корпус