Выстава «Грукат лат і звон кальчугі»

2024-04-06 : 11:00

10 лістапада 2023 года ў Археалагічным музеі (вул. Кірыла і Мяфодзія, 6) пачала працаваць выстава «Грукат лат і звон кальчугі».
Выстава з’яўляецца своеасаблівым бэкстэйджам ваенна-гістарычнай рэканструкцыі: яна дазваляе дэталёва разгледзець даспехі, а таксама пазнаёміцца з беларускім кавальствам. Адначасова гэта праект не столькі пра зброю і рыцарскія даспехі, колькі пра любоў да гісторыі і яе ўвасаблення.
Усе даспехі, якія прадстаўлены на выставе, выраблены па гістарычных узорах і здольны ажыццяўляць сваю галоўную функцыю – абараняць уладальніка. Важныя штрыхі экспазіцыі — дакладна рэканструяваныя макеты ўзбраення, якія дапамогуць прасачыць за развіццём еўрапейскай ваеннай справы ў перыяд з XIV і да канца XVII стагоддзя. Наведвальнікі змогуць убачыць эвалюцыю рыштунку ад простых пласцінчатых да высокатэхналагічных суцэльнаметалічных даспехаў. На выставе прадстаўлены наступныя элементы ўзбраення рыцара і яго рыштунку: мячы, баявыя сякеры, кінжалы, шчыты, а таксама характэрныя для тэрыторыі Беларусі корды, шлемы-бацынеты, кальчугі, кірасы і іншае.
Выставачны праект дэманструе таксама працэс вырабу ўсіх прадметаў. Каб дакладна рэканструяваць любую эпоху, трэба спачатку асвоіць актуальную для гэтай эпохі тэхналогію. Кавадла, мяхі, кавальскі горан, абцугі, молаты ў межах выставы аб’яднаны ў стылізаванай «кавальскай майстэрні». Дадзеныя інструменты выраблены па аўтэнтычных крыніцах розных эпох і ўзнаўляюць эвалюцыю кавальскага рамяства на беларускіх землях ад самых простых спосабаў арганізацыі кавальскай справы да з’яўлення на тэрыторыі краіны цэхавых аб’яднанняў.
Частка даспехаў-экспанатаў была выраблена менавіта пры дапамозе адзначаных вышэй інструментаў.
На выставе працуе інтэрактыўная зона, дзе можна схапіцца ў рыцарскім паядынку і зрабіць фотаздымкі.
Выстава працуе да 26 мая 2024 года.

Адрес: ул. Кирилла и Мефодия, 8В
Место: Археологический музей