Выстава «Магія гульні»
У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Дом-музей I з’езда РСДРП» з 7 сакавіка па 28 красавіка 2024 пройдзе выстава «Магія гульні».
Наведвальнікам прапануецца акунуцца ў свет спорту канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя і пазнаёміцца з імёнамі першых айчынных спартыўных знакамітасцей. На выставе будуць прадстаўлены рэканструкцыі спартыўнага адзення канца ХІХ стагоддзя, прадметы спартыўнага інвентару, копіі дакументаў і фатаграфій таго перыяду, элементы гарадскіх гульняў і шмат іншага.
Акрамя візуальнай атмасферы мінулага стагоддзя наведвальнікі выставы змогуць даведацца пра развіццё дарэвалюцыйнага спорту, гісторыю ўзнікнення першага Гарадскога таварыства аматараў спорту, якое з’явілася ў 1892 годзе, а таксама Мінскага веласіпеднага таварыства, суполкі цяжкаатлетаў.
Таксама выстава «Магія гульні» змяшчае шэраг інтэрактыўных пляцовак, дзе дадаткова можна будзе пагуляць у настольныя гульні: «Вежа», «Хуткая шайба», «Настольны кёрлінг», што будзе цікава не толькі дарослым, але і дзецям.