Выстава «Мастацтва любіць жыццё. Dolce vita»

2024-03-31 : 11:00

Італьянскі выраз Dolce Vita добра вядомы ва ўсім свеце. Можна дакладна перакласці «салодкае жыццё», але сутнасць словазлучэння адлюстроўвае надзвычай шырокі спектр праяў і нюансаў ўспрымання рэчаіснасці — ад камфортнага распарадку дня да вытанчанага эстэцтва, ад бесклапотнага баўлення часу да інтэлектуальнага засваення рэальнасці, ад павольнага назірання да пачуццёвага задавальнення. Але ўсе гэтыя з’явы яднаюць агульныя адчуванні — атрыманне асалоды ад працэсу.
Такая еднасць дазволіла канцэптуальна аб’яднаць на выставе «Мастацтва любіць жыццё. Dolce Vita» творы аўтараў розных краін, шматлікіх мастацкіх школ, эпох, стыляў і напрамкаў. У разнастайных відах выяўленчага мастацтва кожны з майстроў па-свойму інтэрпрэтаваў тэму прыгожага, няспешнага жыцця, напоўненага пачуццёвымі і ўзнёслымі праявамі, сакавітымі эмоцыямі альбо разняволеным летуценным сузіраннем. Галоўным для ўсіх гэтых твораў з’яўляецца не стылістычнае ці жанравае адзінства, а ўвага творцаў да дзіўнай прыгажосці свету. Трактоўка «салодкага жыцця» знайшла ўвасабленне ў мастацкіх вобразах самага рознага настрою, форм і аўтарскай інтэрпрэтацыі: ад манументальна-эпічных да камерных, ад пафасна-патэтычных да лірычных і інтымных.
На выставе будуць прадстаўлены творы беларускага, рускага і еўрапейскага мастацтва ХVІІІ–ХХІ стст. са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — усяго больш за 150 работ жывапісу, скульптуры, арыгінальнай графікі, прадметаў фарфору, мастацкага шкла і інш. Музейныя экспанаты будуць дапоўнены жаночымі касцюмамі розных эпох, знакавымі ўзорамі аксесуараў, парфумерыі, касметыкі сусветных і айчынных вытворцаў з прыватнай калекцыі Таццяны Фядосавай «Прыгажосць і мода XIX–XXI стагоддзяў». У тэму раскошы і вытанчанасці ўнясуць разнастайнасць працы Янжа Нядвецкага, адзінага беларускага дызайнера, які ўвайшоў у Кнігу рэкордаў Гінеса як аўтар самай працаёмкай і эксклюзіўнай пары туфляў. Янж Нядвецкі вядомы сваімі экстравагантнымі арыгінальнымі вырабамі, аматарамі якіх з’яўляюцца такія сусветныя знакамітасці, як Мірэй Мацьё, Моніка Белучы, Патрысія Каас і інш. Яркія ўпрыгожванні дызайнера Уладзіміра Фрака, якія адрозніваюцца незвычайным пляценнем і нечаканым спалучэннем фактур і матэрыялаў, завершаць вытанчаныя вобразы сукенак, створаных спецыяльна для праекта салонам-атэлье Kiko Richen. Адна з сукенак узнаўляе і па-мастацку інтэрпрэтуе ўбор Аніты Экберг з фільма Федэрыка Феліні «Dolce Vita».
Прадстаўленыя на выставе экспанаты служаць адной мэце — спробе аб’яднаць усе праявы шчаслівага існавання чалавека: ад чароўнасці раскошнага жыцця ў яе класічным варыянце — вытанчаным у дробязях і «красамоўным» у дэталях, да простага захаплення момантам і радасці ад звычайных немудрагелістых рэчаў, сярод якіх кожны зможа «растварыцца» ў павольнай мяккасці часу, вызначыць свой пачуццёвы ўзровень прыгажосці і, безумоўна, атрымаць задавальненне ад сустрэчы з прыгажосцю!
У рамках выставы пройдуць лекцыі, творчыя сустрэчы з калекцыянерамі, куратарскія экскурсіі.
Выстава «Мастацтва любіць жыццё. Dolce Vita» будзе экспанавацца з 12 лютага па 1 красавіка 2024 г. у галоўным корпусе музея (вул. Леніна, 20).
Куратар выставы — Кузняцова Ганна Уладзіміраўна, старшы навуковы супрацоўнік аддзела замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Адрес: ул. Ленина, 20
Место: Художественный музей