Выстава «Мілая мая Марылька!»

2024-04-06 : 10:00

Сёлета адзначаецца 155-годдзе з дня нараджэння Марыі Апанасаўны Багдановіч (1869-1896), маці генія беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Яе жыццё было надзвычай кароткім, але вельмі насычаным і яркім. Марыі прыйшлося зведаць страты і трагедыі, але сустрэць на жыццёвым шляху шмат людзей, якія падтрымлівалі і дапамагалі.
У фондах музея класіка беларускай літаратуры захоўваюцца каштоўныя музейныя прадметы, якія звязаны з Марыяй Багдановіч, гэта фотаздымкі, дакументы і інш. Найбольш каштоўнымі матэрыяламі з’яўляюцца лісты М.А.Багдановіч і да яе, захавалася яе перапіска з мужам Адамам, сястрой мужа Паўлінай.
Частка сямейнага архіву Багдановічаў сёння знаходзіцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, — сямейны альбом, дакументы аб навучанні ў Мінску і Пецярбургу, прадметы побыту. У экспазіцыі выставы прэзентаваны копіі з архіва-музея, якія раскрываюць сяброўскае кола Марыі Апанасаўны, альбо з’яўляюцца дакументальнымі сведкамі яе жыцця.
Назва выставы — зварот да любай жонкі з ліста Адама Багдановіча, цеплыня і пяшчота гучаць у кожным радку. Асноўная ідэя — паказаць жыццё Марыі Багдановіч праз яе перапіску, прычым у экспазіцыі лісты можна будзе не толькі ўбачыць, але і пачуць, за што шчырыя словы ўдзячнасці Народнаму студэнцкаму тэатру «Жывое слова». Фотаздымкі, дакументы, прадметы часу становяцца дадатковымі ілюстрацыямі, дадаюць штрыхі да партрэта той, што падаравала нам геніяльнага паэта.
Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 22 лютага 2024 года, а 17-й гадзіне, у Літаратурным музей Максіма Багдановіча (Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а)

Адрес: ул. Богдановича, 7а
Место: Музей М.Богдановича