Выстава «У родным краі»

2024-04-05 : 10:00

У родным краі ёсць крыніцаЖывой вады…М.Багдановіч
Беларускі фатограф Сяргей Плыткевіч вядомы сваімі фантастычнымі здымкамі прыроды Беларусі і нашых гістарычных каштоўнасцей. Ён нарадзіўся ў 1963 годзе, у в.Ванюжычы Петрыкаўскага раёна. Вучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме і Беларускім дзяржаўным універсітэце. Дзіцячае захапленне фатаграфіяй стала прафесіяй і прызваннем, прынесла поспех сярод прафесіяналаў. «Гуру фатаграфіі» і «лепшы фатограф дзікай прыроды» — менавіта так гавораць пра яго калегі і сябры.
Сяргей Міхайлавіч з’яўляецца дырэктарам Міжнароднага фонду падтрымкі дзікай прыроды «Чырвоны бор», заснавальнікам сайта planetabelarus.by і выдавецтва «Рыфтур», дырэктарам Рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без межаў». Ён — аўтар больш двухсот розных фотаальбомаў, у прыватнасці, альбомы «Мая Беларусь», «Беларуская экзотыка», «Дзікае жыццё ў цэнтры Еўропы», «Ад Полацка пачаўся свет», «Нечаканая Беларусь», «Запаведная Беларусь», «Чырванаборская пушча».
Сяргея Плыткевіча вылучае зварот да гістарычнай памяці народа і любоў да роднай зямлі. Любоў да ўсяго, што напаўняе сабой планету Беларусь — ад самай маленькай кветачкі, прадстаўнікоў дзікай прыроды да велічных сведкаў нашай мінуўшчыны і здабыткаў сучаснасці. Менавіта гэтыя яго праекты прадстаўлены на выставе ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.

Адрес: ул. Богдановича, 7а
Место: Музей М.Богдановича