Выстава жывапісу і графікі «Адлюстраванне»

2024-04-07 : 11:00

27 сакавіка 2024 года а 18-й гадзіне ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы жывапісу і графікі «Адлюстраванне» сябра Беларускага саюза мастакоў Аляксандра Мікалаевіча Пашкевіча, прысвечанай 50-годдзю творчай дзейнасці аўтара.
На выставе Аляксандра Пашкевіча «Адлюстраванне» прадстаўлена больш за 60 графічных і жывапісных работ мастака. Экспазіцыю складаюць творы з асабістай калекцыі аўтара і з фондаў ДУ «Мінскі абласны краязнаўчы музей».
Праект, прадстаўлены ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва, атрымаў назву «Адлюстраванне» — гэта адлюстраванне думак, пачуццяў, светапоглядаў, нават адлюстраванне цэлага сусвету навокал і не менш насычанага, складанага сусвету ўнутры чалавека. Эмоцыі і разважанні аўтара транслююць у асноўным не сюжэты, а багатая, вельмі выразная каларыстыка, формы і аднолькава захапляючая дынаміка альбо статычнасць. Карціны абстрактнага накірунку быццам бы маюць нейкую чароўную асаблівасць — чым больш глядзіш на іх, тым складаней ад іх адарвацца. Формы, узоры, геаметрычныя лініі, тэкстуры і смелыя яркія колеры падкрэсліваюць настрой і пачуцці мастака. Аляксандр Пашкевіч «счытвае» свет па-свойму, праз гаму ўласных адчуванняў.
Вельмі цікава звярнуць увагу на тое, якія розныя творы ў Аляксандра Пашкевіча. Адны — дакладная геаметрыя і лакальныя колеры, іншыя — пяшчотная дымка такіх знаёмых і родных беларускіх пейзажаў. Магчыма, менавіта ў гэтым можна ўбачыць адлюстраванне і кожнага з нас, бо ў розныя моманты жыцця мы адчуваем сабе моцнымі ці няўпэўненымі, прагматыкамі ці летуценнікамі, разумнымі дарослымі ці непаслухмянымі дзецьмі. Уражвае, таксама, і часовы дыяпазон прадстаўленых работ. Экспазіцыя дае магчымасць прасачыць шлях мастака ад пачатку 70-х гадоў да сённяшняга дня і ўбачыць усе тыя змены, якія няўхільна адбываюцца ў яго творчасці з цягам часу. Мастацтва А. Пашкевіча — гэта мастацтва са знакам шматкроп’я ў канцы.
Аляксандр Пашкевіч скончыў Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава. Дагэтуль навучаўся ў студыі выяўленчага мастацтва пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. На працягу 13 гадоў выкладаў у мастацкай школе горада Маладзечна. Творы мастака захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага саюза мастакоў, Мінскага абласнога краязнаўчага музея, Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Нацыянальнай бібліятэцы Лондана і шматлікіх прыватных калекцыях. Мастак жыве і працуе ў горадзе Маладзечна.
Выстава працягне сваю работу па 5 мая 2024 года.

Адрес: ул. Революционная, 10
Место: Галерея Щемелева